АРМЯ́НСКАЯ МО́ВА,
самастойнае адгалінаванне індаеўрапейскіх моў. Мова армян; дзярж. мова Арменіі. Пашырана таксама сярод армян Азербайджана, Грузіі, Сірыі, Ірана, Лівана, Турцыі, ЗША, некат. краін Зах. Еўропы, Амерыкі. У лексіцы і фанетыцы ёсць агульныя рысы з мовамі Каўказа. У ёй больш за 50 дыялектаў. Фанетыка багатая зычнымі — 30 фанем; 6 галосных. Самая развітая і багатая граматычная катэгорыя — дзеяслоў.
Гісторыя літ. мовы падзяляецца на 3 перыяды: стараж.-арм. мова вядома з часу стварэння армянскага пісьма (5 ст.), вусны яе варыянт выйшаў з ужытку ў 11 ст., пісьмова-літ. (грабар) існавала да канца 19 ст.; сярэдні перыяд — 12—16 ст.; з 17 ст. фарміруецца новая літ. армянская мова. Сучасная літ. мова мае 2 варыянты: усх. (дзярж. мова) і зах. мова (сродак зносін армян за мяжой).
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)